«Казка пра тое, як Святога Міколу забаранялі» – гэта новая калядная казка з Беларусі.
Кніга простымі словамі расказвае і дзецям і дарослым беларускую гісторыю 2020 году. Зрэшты, гэта старажытная гісторыя: цемра спрабуе ўзяць у палон святло, а святло свеціць з усяе моцы ў адказ. І перамагае.
«Даўно гэта было. У адным краі забаранілі Святога Міколу. За чырвоны кажух і белую бараду. Бо забаранялі ўсё белае з чырвоным і ўсё чырвонае з белым».
На жаль, гэта не казка так пачынаецца. Гэта сапраўднасць, якая здарылася з намі не калісьці там, а летась, і якая ўсё яшчэ нас не адпускае.
Толькі нават у самай няказачнай сапраўднасці немагчыма забараніць казку. Немагчыма скасаваць веру. Немагчыма адвучыць людзей глядзець і бачыць.